Прэм'ера ўнікальнага фільму пра акупацыю Беларусі на «Белсаце».
«Беларусь пад нямецкай акупацыяй. 1941–1944» – гэтак называецца унікальны трохсерыйны дакументальны фільм, які ствараецца на замову незалежнага тэлеканалу «Белсат». Праца амаль скончаная, а прэм’ера першай серыі адбудзецца ў пятніцу 9 кастрычніка.
Праца над фільмам працягвалася год. Гледачы пабачаць рэдкія дакументы, кінахроніку і здымкі, спаткаюцца з даследнікамі Другой сусветнай вайны, а таксама з яе ўдзельнікамі ды сведкамі. Усё гэта дазволіць па-новаму зірнуць на вядомыя падзеі, але перадусім адкрыць нанова нашую краіну часу гітлераўскай акупацыі.
Фільм здымаўся ў Беларусі, Бельгіі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыне, Польшчы.
З аўтарам фільму Антосем Цялежнікавым размаўляе Сяргей Пеляса, прэс-сакратар тэлеканалу «Белсат».
– Якою гледачы «Белсату» пабачаць Беларусь пад нямецкай акупацыяй у тваім фільме?
– Для большасці гэта будзе зусім новы позірк на гэтую тэму, дагэтуль нідзе, практычна, не паказаны ў фільмах.
– Якія мэты фільму, што ты хацеў ім сказаць?
– Мэта – данесці як мага больш аб’ектыўны вобраз тых трагічных падзеяў з гісторыі Беларусі 20 стагоддзя. Фільм – гэта, магчыма, першы крок у дакументальным кіно да таго, каб развеяць міфы савецкай і сучаснай прапаганды, якая так моцна апрацоўвала ды апрацоўвае нашае грамадства, надаючы тым падзеям пэўную тэндэнцыйнасць.
– Ці можна гаварыць пра тое, што ў Беларусі ў 1941–1944 у пэўным сэнсе вялася грамадзянская, братазабойчая вайна?
– Так, той перыяд нельга акрэсліць як барацьбу паміж сваімі ды чужымі. Пэўная колькасць беларусаў абрала шлях супрацы з нямецкімі акупантамі, частка з іх – на карысць палітыкі беларускага адраджэння, якую праводзіла нямецкая цывільная адміністрацыя на чале з гаўляйтэрам Кубэ. Гэткая пазіцыя цалкам не адпавядала савецкаму і польскаму падполлю, якія вялі актыўную барацьбу супраць беларускага нацыянальнага руху, дый усіх, хто супрацоўнічаў з немцамі. Тыя, у сваю чаргу, вялі барацьбу супраць партызанаў. У выніку беларусы ваявалі супраць беларусаў, ішла барацьба за ператрыванне.
– Каго з даследнікаў і ўдзельнікаў ці сведкаў падзеяў можна будзе пабачыць у фільме?
– Варта перадусім адзначыць гісторыка Юрыя Туронка – найлепшага даследніка тэмы Беларусі пад нямецкай акупацыяй, другі даследнік – гэта кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ляхоўскі. Сярод сведкаў – Барыс Кіт, выбітны беларускі навуковец, айцец Аляксандр Надсан, літаратар Чэслаў Сэнюх ды іншыя.
– Пачаткова планавалася, што фільм будзе мець 3 серыі па 30 хв. кожная, а атрымалася – дзве першыя па 40 хв., а апошняя частка амаль 50 хв. Ці змясцілася ўсё, што ты хацеў сказаць?
– Трэба зазначыць напачатку, што дадзеная тэма заслугоўвае шматсерыйнага фільму. Але перада мною стаяла задача, каб змясціць найбольш істотныя і малавядомыя для сярэднестатыстычнага беларуса бакі нямецкай акупацыі 1941–1944. Падаецца, гэта атрымалася, хоць некаторыя фрагменты ці падрабязнасці трэба было пакінуць для будучых фільмаў. Зрэшты, кожная тэма з акупацыі заслугоўвае асобнага змястоўнага фільму.
– Пра што ты хацеў бы зняць наступныя фільмы?
– Думаю заняцца Каліноўскім.
– Дзякую за размову.
“Беларусь пад нямецкай акупацыяй. 1941–1944” у эфіры “Белсату”.
“Надзея на змены”, 1-я серыя. Прэм’ера 9 кастрычніка а 19.55; паўтор 13 кастрычніка а 21.30.
“Паміж молатам і кавадлам”, 2-я серыя. Прэм’ера 16 кастрычніка а 20.00; паўтор 20 кастрычніка а 21.30.
3-я серыя. Прэм’ера 23 кастрычніка а 19.46; паўтор 27 кастрычніка а 21.30.